АДЭНО́МА ПРАСТА́ТЫ,

дабраякаснае пухлінападобнае разрастанне прастаты. Назіраецца ў мужчын часцей пасля 50 гадоў. У развіцці адрозніваюць стадыі: перадклінічная, дызурыі (парушэнне мочаспускання), няпоўнай хранічнай затрымкі мачы, парадаксальнай затрымкі мачы. Ускладненні пры адэноме прастаты: вострая затрымка мачы, цыстыт, піеланефрыт і інш. Лячэнне на першых дзвюх стадыях кансерватыўнае (гігіенічны рэжым, дыета, медыкаментознае лячэнне, мясцовыя фізіяпрацэдуры), пасля — аперацыйнае.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)